ПРЫГО́ДНІЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
мастацкая проза пра рэальныя ці выдуманыя падзеі, насычаныя займальнымі калізіямі, нечаканымі паваротамі, матывамі выкраданняў і праследаванняў, раскрыццём таямніц і загадак. Дзеянне адбываецца ў асаблівых умовах; персанажы рэзка падзяляюцца на ліхадзеяў і герояў. П.л. звязана з дэтэктыўнай літаратурай, падарожжам і фантастычнай літаратурай.
Вытокі Пл. ў авантурных творах антычнасці («Метамарфозы» Л.Апулея) і сярэднявечча («Аповесць пра Трышчана»), Пл. фарміравалася і развівалася ў выніку пераасэнсавання ў эпоху барока рыцарскіх раманаў, з якімі непасрэдна звязана, і пад уплывам рамантызму. У ліку першых узораў П.л. былі «марскія раманы» Дж.Ф.Купера (ЗША) і Ф.Марыета (Вялікабрытанія), гіст.-прыгодніцкія раманы А.Дзюма-бацькі і сац.-прыгодніцкія Э.Сю (Францыя). Класічныя ўзоры П.л. — творы Т.М.Рыда. Р.Л.Стывенсана, Р.Хагарда (Вялікабрытанія), Ж.Верна, Л.А.Бусенара (Францыя), Дж.Лондана (ЗША) і інш. У рус. л-ры вядомы прыгодніцкія творы А.Грына, А.М.Талстога, А.Бяляева, братоў Вайнераў, В.Каверына, А.Рыбакова, Ю.Сямёнава, І.Яфрэмава, К.Вільмонт і інш.
На Беларусі элементы П.л. прысутнічаюць у мемуарах С.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў...» (1760; у бел. пер. «Авантуры майго жыцця», апубл. ў 1993), змест якіх нагадвае прыгодніцкі раман. Уласна П.л. склалася ў творчасці Я.Маўра. Яго аповесці «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930) і раман «Амок» (1929) развіваюць традыцыі сусв. П.л. Вядомы прыгодніцкія аповесці «Каштанавы «Масквіч» Х.Жычкі (1959), «Злачынства ля Зялёнай тоні» У.Краўчанкі (1961), «Пажарніца» («Тайна бункера № 7») У.Паўлава (1968), «Эрпіды на планеце Зямля» П.Місько (1987), «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994), «Пастка для пярэваратня» А.Якімовіча (1997) і інш.
Майстар прыгодніцкай прозы — У.Караткевіч (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раман «Чорны замак Альшанскі», 1979—80, і інш.). Прыгодніцкі элемент характэрны для асобных твораў Я.Коласа, З.Бядулі, М.Лынькова, Э.Самуйлёнка, К.Чорнага, У.Дубоўкі, С.Баранавых, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі, Я.Нёманскага, І.Шамякіна, І.Сяркова. У прыгодніцкім жанры выступаюць А.Асіпенка, В.Гігевіч, Л.Дайнека, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, У.Ягоўдзік і інш.
М.Р.Міхайлаў.
т. 13, с. 60